Современное белорусское искусство на www.mart.by

Мультыплікатар: Лягчэй працаваць, калі не думаеш, дзе яшчэ падзарабіць

Источник tut.by Дата: 19 Ноя. 2011
Мультыплікатар: Лягчэй працаваць, калі не думаеш, дзе яшчэ падзарабіць

Мультыплікатар Ірына Кадзюкова расказвае пра ўмовы працы на “Беларусьфільме” ды пра перспектывы беларускага аніматографа.

Еўрарадыё: Чым беларускія анімацыйныя фільмы адрозніваюцца ад заходніх?

Ірына Кадзюкова: Мне нават падаецца, што мы больш разнастайныя. У нас непрасунутая тэхніка, і з-за гэтага мы можам дазваляць сабе больш ручной працы. Мы можам займацца ручной перакладкай і здымаць фільмы на стужку. Для іншых краін гэта ўжо вытанчанасць, гэта вельмі мала дзе захавалася.

Еўрарадыё: То бок, замежная анімацыя больш кампутарная і безасабовая?

Ірына Кадзюкова: Шмат у чым так, хаця на фестывалях я захапляюся тым, што яны прыдумваюць і якія вар’яцкія тэхналогіі прымяняюць.

Еўрарадыё: А якая зараз мода ў сусветнай анімацыі?

Ірына Кадзюкова: Калі я была на апошнім міжнародным фестывалі, я зразумела, што зараз вельмі модна здымаць жывога чалавека, а потым прыгожа пераводзіць у графіку. Такая відавочная плынь зараз. І калі пасля гэтага бачыш фільм, цалкам зроблены рукамі, гэта аказваецца так здорава, так цікава. Напрыклад, нарвежскі фільм Аніты Келлі, што называецца “Злы чалавек”, ён зараз трыумфальна ідзе па ўсіх фестывалях, і бачна, якая ўсё ж класная ручная праца.

Еўрарадыё: А ці пераймаюць беларускія аніматары заходнія тэндэнцыі, ці інтэгруюцца яны ў сусветную моду?

Ірына Кадзюкова: За модай не ўгонішся. Значна цікавей гэтую моду ўсталёўваць. Учора, напрыклад, у нас здаваліся дзве новыя карціны ў тым ліку “Прымаўкі” Міхаіла Тумелі, якія зробленыя ў стылі выцінанкі. Дык вось, на фестывалі ў Літве, дзе Міхаіл нядаўна быў, ён бачыў фільм, зроблены ў ягонай манеры, і аўтар адкрыта сказаў, што так захапіўся, што стаў паслядоўнікам.

Еўрарадыё: Цяперашняя беларуская мультыплікацыя грунтуецца на савецкіх традыцыях ці ўсё ж пайшла далей у бок захаду?

Ірына Кадзюкова
: Наш савецкі досвед – гэта каштоўнасць. Гэтыя мультфільмы, што жывуць па 30-50 год, і новыя дзеці, падрастаючы, глядзяць іх. Часам глядзіш на “Снежную каралеву” і думаеш – дацягнуцца б да гэтага ўзроўню. Я думаю, што мы гэта спалучаем. Мы ўсе розныя, хтосьці робіць дзіцячыя фільмы, хтосьці адкрывае новыя гарызонты сучасных тэндэнцый.


Еўрарадыё: Ці ёсць у беларускай мультыплікацыі нацыянальны герой кшталту Мікі Маўса?

Ірына Кадзюкова: Спробы такія ёсць – Несцерка, рэактыўны парсючок, напрыклад. Але, каб хтосьці стаў такім сімвалам, пакуль што такога няма. Можа яшчэ і атрымаецца.

Еўрарадыё: У Беларусьфільма змяніўся генеральны дырэктар. Ці ў сувязі з гэтым змянілася жыццё аніматараў?

Ірына Кадзюкова
: Пакуль што нам стала горш. На студыі ідзе рэканструкцыя, мы працуем у жахлівых умовах. Вельмі цесна, вельмі мала кампутараў, кепска з матэрыяламі і з усім астатнім. Кепска з заробкам. Пакуль што нярадасна. Мы аддалі ўжо гады гэтай справе, мы будзем працаваць у любых умовах. Рэжысёр вышэйшай катэгорыі ў нас зарабляе, як прыбіральшчыца ў метро, крыху менш за два мільёны. А гэта праца патрабуе шмат часу і майстэрства, і нерваў. Моладзь у такой сітуацыі проста збягае. Маладыя людзі ўмеюць лічыць і разумеюць, што тут ім рабіць няма чаго. Калі не будзе ніякіх зменаў, я думаю, што ў наступным годзе фільмаў будзе менш. Нам увесь час кажуць: вы наша слава, наш гонар, вы такія ўзнагароды прывозіце. Але гэта ўсё словы, трэба іх падмацоўваць рэальнымі рэчамі. Лягчэй працаваць, калі не думаеш, дзе яшчэ падзарабіць.

Еўрарадыё: Ваш апошні фільм “Было лета”. Над чым вы працуеце зараз?

Ірына Кадзюкова: Зараз мы пачалі новую карціну. Я прыдумала цыкл фільмаў для дзяўчынак. Гэта казкі пра каханне. Мне падаецца гэта ўдалай задумай. У кожнай вельмі дарослай цёцечцы яшчэ сядзіць былая дзяўчынка. А цыкл дае магчымасць зрабіць фільмы і для маленькіх, і для крыху старэйшых, і для падлеткаў. Гэтая ідэя для розных узростаў, гэта закінуты пласт, для іх вельмі трэба штосьці рабіць і штосьці паказваць. Да таго ж потым маленькія дзяўчынкі падрастаюць, больш за тое, у іх нараджаюцца свае дзяўчынкі. Зараз мы робім казку “Фініст ясны сокал”, гэта адна з самых таямнічых жаночых казак, што існуюць, а жаночых казак увогуле вельмі няшмат. Гэтую карціну мы павінны скончыць 2 траўня. Але ў нашых цяперашніх умовах страшна пра гэта нават думаць.

Тэги: ,