Современное белорусское искусство на www.mart.by

«Бойня №5» Курта Вонэгута выйшла па-беларуску

Источник tut.by Дата: 26 Авг. 2010
«Бойня №5» Курта Вонэгута выйшла па-беларуску

У выдавецкай сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” выйшла кніга вядомага амэрыканскага пісьменьніка Курта Вонэгута у перакладзе на беларускую мову Паўла Касьцюкевіча. Спадар Касьцюкевіч ужо добра вядомы беларускаму чытачу дзьвюма кнігамі перакладаў зь іўрыту сучасных ізраільскіх літаратараў і зборнікам уласнай прозы “Душпастырскія спатканьні для дачнікаў”. Сёньня – ён госьць нашай менскай студыі.

Валянціна Аксак
: “Спадар Павал, чым вас прывабіў раман Курта Вонэгута “Бойня №5?”

Павал Касьцюкевіч
: “Перакладаць амэрыканскую літаратуру хацелася заўсёды і я яе пачаў перакладаць значна раней за ізраільскую. Мне тады падавалася, што тое, што ляжыць пад нагамі, ня вартае перакладу, у чым я потым шчасьліва памыліўся. Але сьпярша ўсё ж было жаданьне перакладаць творы зь вялікіх літаратур – як то амэрыканская, французская альбо польская. А паколькі я ведаю ангельскую, дык вырашыў адразу перакладаць Курта Вонэгута. Ён прывабіў мяне надзённасьцю сваёй праблематыкі для Беларусі, у якой па-ранейшаму Другая сусьветная вайна зьяўляецца краевугольным каменем у гісторыі. Хацелі б мы гэтага ці не хацелі – але яно так. І таму голас чалавека, які перажыў гэтую вайну, і які мае штосьці сказаць адрознае ад афіцыйнага, вельмі прываблівае. Тут ў чымсьці можна параўнаць Вонетута з Быкавым – прыватны голас чалавека пра вайну”.

Аксак
: “У першым разьдзеле раману аўтар піша, што калі ён зьбіраў успаміны сьведкаў бамбаваньня авіяцыяй саюзьнікаў Дрэздэну ( гэтыя падзеі леглі ў аснову “Бойні №5”), то жонка аднаго ягонага былога баявога сябра люта яго ўзьненавідзела за тое, што ён варушыць гэтую балючую тэму…”

Касьцюкевіч
: “Тое, што напісаў Вонэгут, ня ўсім спадабалася. Ягоную кніжку нават забаранялі, наколькі гэта магчыма зрабіць у ЗША, у першыя два гады пасьля выданьня. Цяжка было перастрававаць усю праўду пра тую бойню і зразумець, што на вайне часам не бывае белага і чорнага з розных бакоў, а толькі чорнае з абодвух, з абодвух церпяць мірныя жыхары”.

Аксак: “Вы пераклалі гэтую кніжку, калі Курт Вонэгут быў яшчэ жывы. Ці зьвязваліся вы зь ім?”

Касьцюкевіч: “Канечне, зьвязваўся. Проста чыста нават паразмаўляць праз перапіску хацелася, хоць, наколькі я ведаў, Вонэгут ня вельмі сябраваў з інтэрнэтам. Але ўсё ж пару слоў я ад яго атрымаў. Ён напісаў мне аўтограф, які даслаў праз нью-ёркскага беларуса Лявона Юрэвіча. Менавіта спадар Юрэвіч стаўся пасярэднікам нашай дамовы з аўтарам наконт беларускага перакладу. А аўтограф Вонэгута цяпер у мяне дома ў рамцы вісіць”.

Аксак
: “Што там напісана?”

Касьцюкевіч
: “Пажаданьні посьпехаў і адрас. Я атрымаў гэты аўтограф за некалькі месяцаў да сьмерці аўтара”.

Аксак: “А як ён успрыняў тое, што дзесьці ў далёкай маленькай Беларусі хочуць перакласьці ягоны раман праз больш як сорак гадоў пасьля ягонага выхаду і пасьпяховага прачытаньня ў многіх краінах сьвету?”

Касьцюкевіч: “Узрадаваўся”.

Аксак: “Што-небудзь яшчэ з Курта Вонэгута вы зьбіраецеся перакладаць?”

Касьцюкевіч: “Не. Пакуль што хачу перакладаць нешта весялейшае. Цяпер у мяне на стале ляжыць “Аўтаспынам па Галяктыцы” Дугласа Адамса. Гэта таксама фантастыка, але трошкі іншая, чым у Вонэгута, больш прыгодніцкая. “Бойня №5” – гэта ўсё ж псэўдафантастыка. Хоць там і ёсьць прыхадні з космасу, але ўсё ж гэта твор з выхадам у экзыстэнцыю, а хочацца перакладаць цяпер штосьці лёгкае. “Аўтаспынам па Галяктыцы”, спадзяюся, будзе такой кніжкай і яна прыйдзецца да смаку беларускаму чытачу”.

Аксак
: “А ці плянуецца прэзэнтацыя кніжкі “Бойня №5” і дзе й калі яна адбудзецца?”

Касьцюкевіч
: “Плянуецца ў першых днях верасьня ў кнігарні «Галерэі Ў». Спадзяюся, на ёй выступяць і іншыя перакладчыкі і літаратары. Рэч у тым, што цяпер у Беларусі вельмі шмат хто перакладае з амэрыканскай літаратуры і мяркую, што беларускім перакладчыкам ёсьць што сказаць пра гэта”.

Аксак: “Ці будзеце вы запрашаць на гэтую прэзэнтацыю каго-небудзь з амэрыканскіх прадстаўніцтваў у Беларусі?”

Касьцюкевіч: “Убачаць абвестку і прыйдуць самі. Амэрыка вельмі цікавая краіна ў тым сэнсе, што яна – адзін з флягманаў свабоды на зямным шары, але яе літаратура вельмі рэзка крытыкуе дзяржаву, урад, ягоную палітыку. І гэта, напэўна, вельмі вабіць нашых перакладчыкаў. Тэма несвабоды чалавека ў грамадзтве, нават вольным, вельмі вабіць і саміх амэрыканскіх літаратараў. Яна праходзіць праз усю амэрыканскую літаратуру. Што Джон Стэйнбэк з “Гронкамі гневу”, што Курт Вонэгут, што Кен Кізі – там кожны апісвае сваю няволю, апісвае вельмі жыва, вельмі пераканаўча. Таму вельмі вабіць амэрыканская літаратура беларускіх перакладчыкаў”.

Тэги: , ,