Современное белорусское искусство на www.mart.by

«Navinki-2009»: трансфармацыя псіхічнай энергіі ў мастацкі жэст

Источник n-europe.eu Дата: 7 Сен. 2009
«Navinki-2009»: трансфармацыя псіхічнай энергіі ў мастацкі жэст

29-31 жніўня ў мінскім Палацы мастацтваў адбываўся фестываль пэрформансу "Navinki-2009", у якім узялі ўдзел 34 артысты і артысткі, 27 з Беларусі ды 7 з Аўстрыі, Гішпаніі, Польшчы, Швецыі ды Фінляндыі. У панязелак, 31 жніўня, фестываль перамясціўся на пленэр – на возера Вяча, дзе адбыліся самыя радыкальныя і разняволеныя пэрформансы.

Фестываль, які адбываўся ўжо 11 раз, сабраў дастаткова вялікую для Мінску колькасць наведнікаў. У Беларусі ёсць публіка, гатовая ўспрымаць гэты жанр мастацтва, які патрабуе рэфлексіі ад гледачоў. Аднак калі летась фестываль наведалі больш за 500 чалавек, сёлета было менш людзей. Я прыходжу на фестываль ужо некалькі гадоў запар і заўважыла тэндэнцыю да змяншэння колькасці наведнікаў і наведніц. У дадатак тое, што сёлета фестываль прайшоў у межах больш буйной мастацкай агламерацыі “ДАХ-9” - уваход на большасць імпрэзаў якой, у адрозненне ад “Навінак”, бясплатны, - не спрыяла, на маю думку, росту колькасці наведнікаў і наведніц.

Але пэрформанс і не прэтэндуе на тое, каб быць масавым жанрам. Пэрформанс – гэта перадусім мастацтва дзеянняў, мастацкага жэсту, які артыст ці артыстка ажыццяўляе перад гледачамі. Пэрформанс часта спалучае эстэтычны досвед і досвед чалавечай цялеснасці.

Складанасць пэрформансу

Сярод беларускіх удзельнікаў і ўдзельніц былі асобы, якія прадстаўлялі свае пэрформансы першы раз (Ганна Дабранская, Руслан Леўчанка), а таксама і тыя, хто ўдзельнічае ў фестывалі з года ў год. Мяне вельмі цешыць тое, што ў Беларусі з’явіліся артысты і артысткі, якія займаюцца пэрформансам прафесійна ў сэнсе канцэптуальнасці падыходу і грунтоўнасці аналізу яго гісторыі ды мастацкіх прынцыпаў.

Аднак далёка не ўсе пэрформансы беларускіх артыстаў і арыстак вызначаліся гэтым. Некаторыя беларускія пэрформары, якія, відавочна, яшчэ толькі ўваходзяць у спецыфіку жанру, не ўлічвалі ў сваіх выступах таго, што пэрформансу ўласцівая даволі выразная ўнутраная кампазіцыйная структура, а таксама таго, што пэрформанс з’яўляецца цэласным працэсам: гледачы і артыст ці артыстка знаходзяцца ў той жа самай рэчаіснасці, разам яе перажываюць - часовыя рамкі часта не былі вытрыманыя.

Вялікая колькасць жанчын сярод пэрформэраў, у тым ліку і з Беларусі, сведчыць пра тое, што пэрформанс можа і трэба разглядаць як жаночае мастацтва. Аднак неэмансіпаванасць беларускіх жанчын яскрава выявілася і ў іхных пэрформансах, дзе жанчыны часцей былі на другіх ролях. Можна пералічыць толькі некалькі пэрформансаў, у якіх акторкі з Беларусі бралі ўдзел самастойна.

Ад бессэнсоўнасці да мастацкага акту (дзень першы)

У першы дзень мяне найбольш уразілі два пэрформансы. Мінімалістычны пэрформанс Элізы Андэснэр (Elisa Andessner) з Аўстрыі зачароўваў сваёй закончанасцю і вытанчанасцю – ён быў, на маю думку, найбольш удалым з усіх, і ўяўляў з сябе завершаны мастацкі акт. Ладная атлетычная Эліза ў чорнай сукні таньчыла фламенка, трымаючы ў адной руцэ паднос са шклянымі келіхамі розных памераў, які яна ўздымала ўгору і паволі круціла ў паветры. Гэтая фігура нагадвала пра крохкасць пачуццяў і вялікае напружанне, якога яны вымагаюць для захавання. Яе рукі дрыжэлі ад скарачэння мышцаў, вібрацыі перадаваліся келіхам, тыя бразгаталі, то цішэй, то ўсё больш і больш гучна, а мне ўвесь час падавалася, што яна можа выраніць паднос ў любы момант – у такой напрузе знаходзілася яе цела, і ў такой напрузе яна трымала гледачоў.

Дзяніс Раманоўскі (Швецыя-Беларусь) прадэманстраваў брутальны акт, прачытаць які можна было на некалькіх узроўнях – ад палітычнага, што, праўда, падаецца другасным самому артысту, які кіруецца словамі Бродскага – пра тое, што мастацтва і філасофія ўзніклі раней за палітыку, - да лінгвістычнага. Артыст імкнуўся hit the nail (забіць цвік) галавой, схаванай у чырвоны хакейны шлем. Узброены малаткамі артыст з дэпутата – які сядзіць за столікам з мікрафонам, высціланым “Народнай воляй”, - ператвараецца ў багамола: тры малаткі ў кожнай руцэ, яшчэ адзін прымантаваны да чырвонага шлема. З задаволенай усмешкай ён спрабуе забіць цвік у дошку галавою. Гэты пэрформанс стаў пародыяй на бессэнсоўнасць палітычнай дзейнасці як ператасоўвання багамоламі словаў у паветры, - што, калі гэтая бессэнсоўнасць становіцца відавочнай, вядзе да камічнага самаразбурэння. Мастацтва заўжды будзе вышэй за палітыку, бо яно дазваляе з самаразбурэння стварыць мастацкі акт. Праўда, забіць цвік аказалася немагчыма, бо цэнтру ўдара няма, ён увесь час перамяшчаецца. Магчыма, ён знаходзіцца ў мове, якая таксама не ёсць універсаліяй, а толькі рэгістрам, які пераключаецца націскам клавішаў Shift + Alt.

Спробы размовы пра жаночы досвед (дзень другі)

На другі дзень за пэрформансам Адама Шостака, які даследаваў транслітэрацыі ўласнага імя ды ідэнтычнасці з дапамогай графіці, адбыўся выступ Вольгі Мікуцкай і Таццяны Антонавай. Дзяўчыны ў простай белай вопратцы, якая нагадвала ці то шпітальнае адзенне, ці то традыцыйныя беларускія строі, паказалі праз расчэсванне валасоў пад музыку ў стылі New Age акт максімальнага даверу і інтымнасці паміж дзвюма жанчынамі. Хто яны былі? Маці і дачка, сёстры, каханкі? Пасля таго, як адна дзяўчына выцягнула з вопраткі другой дзве чырвоныя ніткі, яны сарваліся з месца і збеглі. Сувязь паміж артысткамі была паказана вельмі шчыльна ды інтэнсіўна, пэрформанс быў адным з самых кароткіх на фестывалі. Гэта быў адзін з нешматлікіх пэрформансаў беларускіх удзельніц, у якім адбылася спроба гаворкі пра жаночы досвед.

Ірына Машчэнская, пэрформанс якой адбыўся па-за праграмай на возеры Вяча ў трэці дзень, прадставiла найбольш вытанчаны стылістычна і распрацаваны канцэптуальна вобраз. Акторка, аголеная, вылуплялася з белага паралонавага кокана. Яна павалілася на зямлю і поўзала па паляне, сцягваючы з сябе шматы кокана гнуткімі пластычнымі рухамі. Яе загарэлае астэнічнае цела знаходзілася ў другім кокане, якi перашкаджаў дыхаць – яно было абмотанае тонкімі белымі ніткамі, артыстка разрывала іх ў танцы і здымала са свайго цела, раздаючы гледачам, не гледзячы пры гэтым ім у вочы. Гэта быў акт максімальнай адкрытасці і смеласці, якога вымагала дэманстрацыя маладой жанчынай перад публікай свайго прыгожага вытанчанага цела. Адначасова акторка спрабавала ад свайго цела пазбавіцца, пераадолець сваю цялеснасць, калі намагалася зняць-разматаць слаі цела з нітак.

Пэрформанс як палітычнае выказванне

Тры дні фестывалю вызначаліся інтэнсіўнай супрацай гледачоў і ўдзельнікаў пэрформансаў. Гэта быў час спробы пражывання агульнага для нас усіх досведу, насычанага эмацыйна і псіхафізічна. Падчас аднаго з перформансаў у мяне нават пачалася менструацыя. Як заўважыў каардынтар мерапрыемства Віктар Пятроў, характэнай рысай пэрформансу з’яўляецца тое, што ён “патрабуе адпаведных высілкаў ад гледача, таму аўдыторыя фестываля складалася з людзей, якія разважаюць над жыццём і мастацтвам”. Пэрформанс – гэта адкрытае мастацтва, якое правакуе ў гледачоў імпульс да развагаў. У гэтым палягае яго функцыя. Калі ж такая развага не нараджаецца, гэта значыць, што пэрформанс не выканаў сваёй функцыі. Інтэрпрэтацыя ж пэрформансу – гэта справа персанальная.

“Навінкі” – сімвалічная назва ў беларускім мастацтве. З 1998 па 2003 гг. у Мінску выходзіла анархісцкая газета пад такой назвай. “Навінкі” – гэта вядомы на ўсю краіну псіхіятрычны шпіталь за Мінскам. Паводле Юрася Барысевіча, мастакам не падабаецца, калі іх творчасць асацыюецца з творчасцю псіхічна хворых альбо з псіхічнай хваробай. Аднак псіхіятрычны шпіталь заўжды ў аўтарытарнай дзяржаве будзе месцам, куды ўлады спрабуюць спіхнуць дысыдэнтаў, палітычных актывістаў, мастакоў, геяў і лесбіянак. І гэта надае назве новае вымярэнне – вымярэнне супраціву пануючай “норме”, якая акурат нормай і не з’яўляецца. І пэрформанс, напрыклад, у філосафа Аляксандра Сарны цi ў Ангелікі Фойтух з Польшчы, ператвараецца ў сродак палітычнага выказвання, эфектыўны і дзейсны.

Пэрформанс як жанр перажыў цікавыя трансфармацыі з часоў свайго з’яўлення ў 60-ыя гады ХХ стагоддзя. Ён існуе сёння на скрыжавані з іншымі стылямі і кірункамі сучаснага мастацтва – такімі, як фатаграфія і multimedia art (Сяргея Ждановіча) ці environmental art (Пайві Мауну і Ілары Кахонэн).

Фестываль "Navinki-2009", які стаў спрыяльнай прасторай для камунікацыі, міжкультурнага абмену і абмену досведам паміж пэрформэрамі ды гледачамі, адбыўся пры падтрымцы iнстытуту Адама Мiцкевiча, Польскага інстытуту ў Мінску, Інстытуту імя Гётэ, OSI і TEN gallery.

Тэги: , ,